ААТ “Лідскае піва” прадставіла 2 новыя гатункі ў лінейцы “Калекцыя Майстра” — IPA і Ginger Beer. Папулярныя брытанскія гатункі піва зварыў півавар кампаніі Алег Малахаў.
Па ацэнках спецыялістаў кампаніі, на беларускім піўным рынку дамінуе класічны лагер, што ў пэўным сэнсе з'яўляецца абмежаваннем для спажыўцоў у плане смакаў і гатункаў. Таму мэта каманды “Лідскага піва” — даць магчымасць беларусам у межах сваёй краіны спрабаваць нешта новае і незвычайнае.
«У год 140-годдзя нашай кампаніі мы планавалі зварыць 2 новыя “крафты”, а атрымалася 3! Сёння ў нас вельмі амбiцыйныя планы наконт “Калекцыі Майстра”, мы не плануем спыняцца на дасягнутым. Думаю, што “Лідскае піва” парадуе спажыўца неардынарнымі крафтавымі навінкамі!» — пракаментаваў Аўдрыус Мікшыс, генеральны дырэктар кампаніі “Лідскае піва”.
Піва выпускаецца абмежаванай партыяй — разліта 160 тысяч літраў IPA і 110 тысяч літраў Ginger Beer.
Гатункі IPA і Ginger Beer паступяць у продаж 1 лістапада 2016 года. Кошт бутэлькі аб'ёмам 0,33 л складзе 1,5 рубля.
У “Калекцыі Майстра” з’явіўся свой лагатып, цалкам абнавіўся дызайн этыкетак –— строгі чорны колер саступіў месца насычаным фарбам. На бутэльцы IPA можна ўбачыць спалучэнне моднага адцення аквамарынавага колеру і глыбокага сіняга, а на Ginger Beer — лаканічную аранжава-чырвоную кампазіцыю, якая падкрэслівае сагравальны эфект імбіру. Навінкі ад “Лідскага піва” цалкам адпавядаюць стылістыцы сучасных сапраўдных крафтавых гатункаў.
IPA (ад англ. India Pale Ale — “індыйскі бледны эль”) — адзін з самых папулярных крафтавых гатункаў піва ў свеце. Гэта традыцыйны эль, у які дададзена вялікая колькасць хмелю. З’явіўся ён у Англіі ў XIX стагоддзі, яго рабілі спецыяльна для падданых імперыі ў Індыі. Менавіта гэты шчодра ахмелены моцны эль асабліва добра вытрымліваў працяглы перыяд транспарціроўкі.
Ginger Beer (ад англ. — “імбірнае піва”) — спецыяльны гатунак светлага піва, звараны з дабаўленнем натуральнага імбіру, які надае піву прыемны водар і пікантную вастрыню. Шырока распаўсюджаны ў Англіі, ЗША і Германіі.