Беларускамоўная настолька аб вялікіх суайчынніках з'явілася ў Беларусі. Створана ў калабарацыі брэнда OZ і студыі распрацоўкі настольных гульняў “Кубік”з Гродна.
У гульні прадстаўлены карткі з выявамі выбітных беларускіх дзеячаў, такіх як мастак Марк Шагал, паэт Уладзімір Караткевіч, князеўна Анастасія Слуцкая і многія іншыя. Настольная гульня “Туэйшыя” – спосаб весела бавіць час і займальны шлях даведацца пра вядомых людзей, якія зрабілі свой унёсак у развіццё краіны.
Пажаданы ўзрост удзельнікаў — ад 14 гадоў, але строгіх абмежаванняў няма. Гуляць адначасова могуць ад 2 да 6 чалавек. Працягласць – 30-45 хвілін – залежыць ад падрыхтаванасці ўдзельнікаў.
У камплект ўваходзіць:
- 50 картак з вядомымі беларусамі;
- 25 картак з пытаннямі;
- 12 карт выбару;
- брашура з кароткімі біаграфіямі;
- карткі “так” і “не”;
- карткі падабаек;
- правілы гульні.
Уявіце, што межы часу сцерліся, і выбітныя беларусы розных часоў апынуліся ў ХХІ стагоддзі. Цяпер кожны гулец павінен выбраць свайго персанажа і адказваць на незвычайныя пытанні, напрыклад: Што б расказала Бона Сфорца ў інтэрв'ю для глянцавага часопіса? Які прынт быў бы на цiшотцы ў Вітаўта? Што б рабіла Вера Харужая падчас зомбі-апакаліпсісу? Трэба зразумець, якога дзеяча абралі вашыя сапернікі, а яны павінны адгадаць, хто вы. Выіграе першы, хто знойдзе свайго двайніка.
У “Тутэйшых” можна гуляць і па правілах знакамітай настолькі “Хто я?”.
Набыць настолку сабе ці ў падарунак можна у фірмовых крамах сеткі, праз дадатак OZ альбо на сайце OZ.by.